Прэс-рэлiз "Аб выкарыстанні лічбавых тэхналогій арганізацыямі ў г. Мінску ў 2024 годзе"
У дзяржаўным статыстычным назіранні па форме 6-ікт «Анкета аб выкарыстанні лічбавых тэхналогій у арганізацыі» у 2024 годзе прынялі ўдзел 3 933 рэспандэнта г. Мінска.
Праведзенае абследаванне паказала, што арганізацыі ў сваёй рабоце актыўна прымяняюць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Так, сетку Інтэрнэт выкарыстоўвалі 99,2% абследаваных арганізацый горада Мінска, лакальныя вылічальныя сеткі – 74,2%, Інтранэт – 34,5%, Экстранэт – 18,2%. Больш паловы назіраных арганізацый (62,7%) давалі сваім работнікам тэхнічныя сродкі (смартфоны, планшэтныя камп’ютэры і іншыя), якія забяспечваюць бесправадны (мабільны) доступ да сеткі Інтэрнэт.
З ліку арганізацый, падключаных да сеткі Інтэрнэт, 94,5% карысталіся стацыянарным шырокапалосным доступам, 81% – бесправадным. Пры гэтым 65,9% з іх выкарыстоўвалі хуткасць падключэння звыш 30,1 Мбіт/с.
Асноўнымі мэтамі выкарыстання арганізацыямі сеткі Інтэрнэт у 2024 годзе былі: прадстаўленне дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці, падатковых дэкларацый, мытных і іншых дакументаў (99,4%); адпраўка і атрыманне электроннай пошты (98,8%); ажыццяўленне банкаўскіх аперацый (96,2%); атрыманне інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў (арганізацый) (88,7%); атрыманне звестак аб неабходных таварах (работах, паслугах) і іх пастаўшчыках (84,7%); атрыманне або аказанне інфармацыйных паслуг (80,3%); прадстаўленне звестак аб арганізацыі, яе таварах (работах, паслугах) (78,3%); дыстанцыйная работа (76,6%); пошук персаналу (74,5%); дыялог у рэжыме рэальнага часу і размяшчэнне абвяшчэнняў (70,4%).
Сярод абследаваных арганізацый 74% мелі вэб-сайт. Пры гэтым 69,3% арганізацый, якія маюць вэб-сайт, выкарыстоўвалі яго для публікацыі каталогаў тавараў (работ, паслуг) або прэйскурантаў, 41,4% – для публікацыі вакансій на працоўныя месцы або прыёму рэзюмэ на работу, 23,2% – для ажыццяўлення плацяжоў пры дапамозе электроннай плацёжнай сістэмы.
У 2024 годзе 44,2% абследаваных арганізацый карысталіся воблачнымі сэрвісамі, якія яны найчасцей выкарыстоўвалі для прыёму і перадачы электроннай пошты (80,1%), доступу да праграмнага забеспячэння, якое даецца правайдэрам воблачных сэрвісаў (62,8%), размяшчэння баз даных і захоўвання файлаў (62,4%), размяшчэння ўласнага праграмнага забеспячэння (39,2%).
Па даных назірання, электронныя закупкі тавараў (работ, паслуг) з выкарыстаннем сістэмы аўтаматычнага абмену паведамленнямі (EDI), а таксама спецыяльных форм, размешчаных на вэб-сайце або ў Экстранэце, ажыццяўлялі 54,7% абследаваных арганізацый, электронны продаж тавараў (работ, паслуг) – 41,7%.
Лічбавыя тэхналогіі не толькі змянілі штодзённае жыццё людзей, але і актыўна ўкараніліся ў бізнес-працэсы, спрыялі з’яўленню новых прафесій і лічбавізацыі розных галін эканомікі. Так, 15,1% абследаваных арганізацый у сваёй дзейнасці выкарыстоўвалі «вялікія даныя», 13,7% – тэхналогію «інтэрнэт рэчаў», 12,7% – радыёчастотную ідэнтыфікацыю (RFID), 8,1% – штучны інтэлект.